МАБУ́ТУ СЕ́СЕ СЕ́КА (Mobutu Sese Seko; поўнае Мабуту Сесе Сека Куку Нгбенду Ва За Банга; да 1972 Мабуту Жазеф Дэзірэ; 14.10.1930, г. Лісала, Дэмакр. Рэспубліка Конга —7.9.1997),

дзяржаўны і ваен. дзеяч Дэмакр. Рэспублікі Конга (ДРК). Маршал (1982). Скончыў ваен. школу ў г. Лулуабург. З 1949 у бельг. калан. войсках, з 1956 рэдактар газет «L’Avenir» («Будучыня») і «Actualité africaine» («Афрыканская рэчаіснасць»); дзярж. сакратар ва ўрадзе П.Лумумбы, з ліп. 1960 нач. Генштаба. У вер. 1960 скінуў Лумумбу. З 1961 галоўнакамандуючы Кангалезскай нац. арміяй. Пасля перавароту ў ліст. 1965 прэзідэнт ДРК. Адзінай дзярж. ідэалогіяй абвясціў канцэпцыю «сапраўднага заірскага нацыяналізму»; усталяваў жорсткі аўтарытарны рэжым, які арыентаваўся на зах. краіны. У маі 1997 пад націскам узбр. паўстання пакінуў краіну.

т. 9, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)